Ад “Купалы” стане ўсім святлей

Опубликовано:

18.10.2016

 

Тэрмін “эканоміка ведаў” стаў у апошнія гады вельмі папулярным як у навуковай літаратуры, так і ў сродках масавай інфармацыі. Гэта абумоўлена трансфармацыяй эканомікі і грамадства ў вядучых дзяржавах планеты. У эканоміцы ведаў асноўным фактарам развіцця з’яўляецца чалавечы капітал, а пераважны ўклад у эканоміку адбываецца дзякуючы дасягненням навукі і адукацыі, а таксама навукаёмістых галін прамысловасці і сферы паслуг. Такая мадэль прадугледжвае маштабныя капіталаўкладанні ў навуку і адукацыю, якія фарміруюць навукова-тэхналагічную базу эканомікі і адпаведны ёй чалавечы капітал.

Пачатак супрацоўніцтву Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Лідскага завода электравырабаў паклала зацікаўленасць на той час студэнта фізіка-тэхнічнага факультэта Віталія Ражко святлодыёднымі тэхналогіямі. Дырэктар завода Іван Клімовіч, убачыўшы тэлерэпартаж пра зробленыя Віталіем святлодыёдныя касцюмы, патэлефанаваў рэктару ўніверсітэта Андрэю Каралю.

Так член гуртка “Прамыcловая электроніка” Віталій Ражко, які з 3 курса пад кіраўніцтвам дэкана фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэя Германа працаваў у лабараторыі малекулярнай спектраскапіі кафедры агульнай фізікі, стаў, так бы мовіць, правадніком паміж універсітэтам і вытворчасцю.

Не адкладваючы, дэлегацыя ГрДУ сустрэлася з кіраўніцтвам Лідскага завода электравырабаў.

 

Кантакты карысныя і ўзаемавыгадныя

 

На першай сустрэчы абодва бакі прадставілі свае магчымасці і свае запатрабаванні. У красавіку 2015 года рэктар ГрДУ Андрэй Кароль і дырэктар Лідскага завода электравырабаў Іван Клімовіч падпісалі першы сумесны пратакол, які ўтрымліваў дамовы аб рабоце над святлодыёднымі крыніцамі святла. Работа над гэтымі тэхналогіямі вялася і на заводзе, і на фізіка-тэхнічным факультэце. Так што цікавасць да праекта была ў абодвух бакоў. Пратакол таксама ўтрымліваў пункты аб тым, што ўніверсітэт дасць прапановы па новых відах прадукцыі для асваення на ААТ “Лідскі завод электравырабаў”, акажа дапамогу па мадэрнізацыі абсталявання выпрабавальнага цэнтра завода, на базе завода будзе арганізавана практыка студэнтаў.

 

 

— У гэтую работу мы ўключыліся, разумеючы важнасць міжфакультэцкага супрацоўніцтва з прадпрыемствамі, сумеснай работы па рэалізацыі міждысцыплінарных праектаў, у тым ліку і пры выкананні курсавога і дыпломнага праектавання, падрыхтоўкі практыка-арыентаваных спецыялістаў, нават па патрабаваннях канкрэтнага прадпрыемства, — гаворыць Андрэй Герман.

Пры абмеркаванні ходу рэалізацыі праекта ва ўніверсітэце прысутнічалі прадстаўнікі Лідскага завода электравырабаў, фізіка-тэхнічнага факультэта і прадпрыемства “Тэхналаб”, а таксама студэнты чатырох факультэтаў — фізіка-тэхнічнага, iнавацыйных тэхналогiй машынабудавання, эканомікі і кіравання, мастацтваў і дызайну. Такія кантакты давалі абодвум бакам магчымасць супрацоўнічаць па розных кірунках. Так, студэнты факультэта мастацтваў і дызайну ў рамках пераддыпломнай практыкі распрацавалі дзевяць праектаў дызайну свяцільняў серыі “Студэнт”. Гэтая работа выконвалася па заказе прадпрыемства, атрымала высокую адзнаку і рэкамендавана для разгляду на тэхнічным савеце завода з мэтай укаранення ў вытворчасць. Зацікавіліся на прадпрыемстве і распрацоўкай факультэта iнавацыйных тэхналогiй машынабудавання — палімернымі рашоткамі для арганізацыі экалагічных парковак аўтатранспарту “Зялёная паркоўка”, якая заняла 3-е месца на гарадскім этапе Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. А прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання распрацоўваюць стратэгію маркетынгу для розных груп спажыўцоў.

 

Асвятляе шлях “Купала”

 

— Калі ў 2012 годзе на базе вучэбна-навукова-вытворчага цэнтра “Тэхналаб” было створана прадпрыемства, заснавальнікам якога з’яўляецца ГрДУ, то адной з галоўных мэт яго дзейнасці стала камерцыялізацыя навукова-тэхнічных распрацовак фізіка-тэхнічнага факультэта і іх укараненне ў рэальны сектар эканомікі з удзелам студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, супрацоўнікаў ГрДУ, — расказвае дырэктар “Тэхналаба” кандыдыт фізіка-матэматычных навук Аляксандр Васілевіч.

 

 

“Тэхналаб” стаў той пляцоўкай, дзе і была ўдасканалена новая мадэль вулічнай святлодыёднай свяцільні. У рабоце прынялі ўдзел студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта і супрацоўнікі прадпрыемства. Назву ёй далі “Купала” — у гонар універсітэта, які носіць гэтае імя. Па параметрах свяцільня адпавядае якасці прадукцыі вядучых сусветных вытворцаў, можа эксплуатавацца ў розных кліматычных умовах і прымяняцца для асвятлення дарог і адкрытых тэрыторый. Пры гэтым мае месца эканомія электрычнай энергіі і зніжэнне эксплуатацыйных выдаткаў. Новая свяцільня была прадстаўлена на выставе-кірмашы “Еўрарэгіён Нёман — 2016”.

На базе ўніверсітэта працягнуцца даследаванні па мадэрнізацыі канструкцыі свяцільні з улікам абнаўлення яе дызайну. У гэтых работах будзе ўдзельнічаць кафедра тэарэтычнай фізікі і цеплатэхнікі — з выкарыстаннем метадаў высокапрадукцыйных вылічэнняў тут будуць стварацца і даследавацца камп’ютарныя мадэлі працэсаў цеплапераносу ў канструкцыі свяцільні.

 

Вучыць па патрэбах вытворчасці

 

— Трохбаковае супрацоўніцтва (факультэт — “Тэхналаб” — завод) дазваляе арганізаваць навучанне студэнтаў у адпаведнасці з патрабаваннямі вытворчасці, — працягвае Андрэй Герман. — Нашы студэнты праходзяць практыку на заводзе і ведаюць тэхналагічныя працэсы, абсталяванне. Выконваюцца дыпломныя работы і магістарскія дысертацыі па запытах прадпрыемства.

У магістратуры ГрДУ імя Янкі Купалы вучацца і супрацоўнікі Лідскага завода электравырабаў. Так, распрацоўка новага пакалення электронных пускарэгулюючых апаратаў (ЭПРА) для энергазберагальных свяцільняў — вынік выканання магістарскай дысертацыі начальніка выпрабавальнага цэнтра завода Уладзіміра Высоцкага. На базе “Тэхналаба” выраблена і пратэсціравана доследная партыя ЭПРА і праводзяцца мерапрыемствы па арганізацыі іх вытворчасці. Фінансаванне плануецца атрымаць са сродкаў абласнога інавацыйнага фонду, куды пададзена ўжо адпаведная заяўка. Атрымана адабрэнне ў ходзе папярэдняй экспертызы. Бізнес-план прадугледжвае стварэнне да 20 працоўных месцаў, на большасць з якіх плануецца прыняць студэнтаў і супрацоўнікаў фізіка-тэхнічнага факультэта.

 

 

Зацікавяць студэнтаў у вучобе і пошуку вырашэння тэхналагічных праблем прадпрыемства і гранты, якія будзе выплачваць завод. У палажэнні аб грантах, падпісаным дырэктарам Лідскага завода электравырабаў Іванам Анатольевічам Клімовічам, адзначаецца, што яно “распрацавана з мэтай забеспячэння фінансавай падтрымкі таленавітых студэнтаў універсітэта, якія выконваюць даследаванні і распрацоўкі, а таксама прапаноўваюць інавацыйныя ідэі з мэтай вырашэння тэхналагічных задач ЛЗЭВ”. Экспертызу конкурсных дакументаў на атрыманне гранта будзе праводзіць камісія, у склад якой увойдуць спецыялісты завода і ўніверсітэта. А вынікі конкурсу абвесцяць на навукова-тэхнічным савеце ГрДУ і апублікуюць на афіцыйных сайтах універсітэта, фізіка-тэхнічнага факультэта і Лідскага завода электравырабаў.

Вынікам сумесных дзеянняў завода і ўніверсітэта стала падпісанне ў кастрычніку гэтага года дагавора аб супрацоўніцтве. Як адзначыў дырэктар Лідскага завода электравырабаў Іван Клімовіч, наяўнасць значных вынікаў сумеснай навукова-тэхнічнай дзейнасці дазваляе падпісаць дамову, якая не застанецца фармальнай. Дырэктар завода прадставіў дэлегацыі ГрДУ на чале з рэктарам А.Д.Каралём канцэпцыю стварэння на базе прадпрыемства цэнтра апераджальнага развіцця, які ўключае тэхнапарк і бізнес-інкубатар.

Ішла размова на сустрэчы і аб перспектывах адкрыцця на фізіка-тэхнічным факультэце новых спецыяльнасцей па кірунках “Робататэхніка” і “Праграмаванне ўбудоўваемых сістэм”, а таксама падрыхтоўкі інжынераў для завода на базе Лідскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

 

* * *

 

А Віталій Ражко зараз ужо магістрант. Сваё навуковае даследаванне выконвае па заяўцы Лідскага завода электравырабаў. Пад кіраўніцтвам кандыдата фізіка-матэматычных навук дацэнта Андрэя Германа ён працуе над тэмай “Распрацоўка сістэмы энергазберагальнай архітэктурнай падсветкі будынкаў”. А яшчэ выкладчыкі, супрацоўнікі, студэнты, магістранты і аспіранты фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізоўваюць больш за 60 праектаў у галіне электронікі, сродкаў аўтаматызацыі, спектраскапіі, лазернай тэхналогіі.

 

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

 

Статья в газете "Настаўнiцкая газета"

 

 

 

 

Анонсы

07.10.2017 запланирована поездка в г.Минск с целью посещения балета "Корсар" (подробнее)





Адрес
ФИЗИКО-ТЕХНИЧЕСКИЙ ФАКУЛЬТЕТ
Республика Беларусь, г. Гродно,
230009, ул. Врублевского, 33
Контакты
Телефон: +375(152)48-59-56
Факс: +375(152)48-68-81
E-mail: ftf@grsu.by