ERASMUS+ (Фізіка): студэнцкі трэнінг і праграма мабільнасці ў Рыжскім тэхнічным універсітэце
Апублікавана:
⌚18.10.2017
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт з’яўляецца партнёрам праекту ERASMUS+ (Фізіка) “Удасканаленне магістэрскай адукацыі ў галіне фізічных навук у Беларускіх універсітэтах”.
Чацвёра студэнтаў і магістрант фізіка-тэхнічнага факультэту, адабраныя па конкурсе, з ліку 16 студэнтаў іншых універсітэтаў Беларусі з 24 верасня па 7 кастрычніка 2017 года прайшлі навучанне ў Рыжскім тэхнічным універсітэце (Латвія).
Латвійскі ўніверсітэт арганізаваў работу студэнтаў па праектным метадзе навучання, пры якім пасля тэсціравання на магчымыя ролі ў камандзе (інаватар, выканаўца, менеджэр і г.д.) студэнты дзеляцца на невялікія групы. Канечнай мэтай працы кожнай групы (у межах навучання ў Рызе гэта толькі два тыдні) з’яўлялася прэзентацыя інавацыйнага прадукту-прататыпу. Кожная з груп збірала ідэі інавацыйных прадуктаў, праводзіла адбор ідэй згодна з распрацаванымі крытэрыямі і рабіла прататып (або ідэю прататыпу). Разам з гэтым выкладчылі рыжскага ўніверсітэту прапанавалі студэнтам цэлы шэраг лекцыйных і практычных заняткаў па мікрапрацэсарнай тэхніцы, электрамагнітнай сумяшчальнасці, кіраванню працэсаў, менеджменту праектаў.
Важнай часткай навучання была апрабацыя распрацаваных у межах праекту “Фізіка” курсаў па фатоніцы і нанаматэрыялах. Выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту прачыталі некалькі лекцый з курсу.
Беларускія студэнты мелі магчымасць наведаць і пазнаёміцца з працай вядучага ў Латвіі смеццеперапрацоўчага завода, дзе змаглі пераканацца ў эфектыўнасці рэалізацыі інавацыйных праектаў.
Праграма мабільнасці студэнтаў таксама дае шырокія магчымасці для знаёмства з культурным жыццём краіны наведвання. Старая Рыга – аб’ект спадчыны ЮНЭСКА – са шматлікімі помнікамі, Юрмала і ўзбярэжжа Балтыйскага мора прываблівалі ўдзельнікаў сваёй непаўторнасцю і атмасферай. Арган Домскага сабору і вандроўка на карабліку па гарадскім канале і рэчцы Даўгава дапоўнілі ўражанні ўдзельнікаў.
Асобнай падзеяй падчас навучання стала “Ноч навукі”, якую арганізоўваў для наведвальнікаў любога ўзросту Рыжскі тэхнічны ўніверсітэт. Ахвотныя маглі наведаць шматлікія лабараторыі ўніверсітэта, паўдзельнічаць у шматлікіх мерапрыемствах, адчуць сябе навукоўцамі і даследчыкамі.