ВЫБОРЫ ПРЕЗИДЕНТА РБ


ОБЪЯВЛЕНИЯ
Важно знать! Объявления

Дата публикации объявления 20.12.24
НЕТ НОВЫХ ОБЪЯВЛЕНИЙ


НОВОСТИ

 

 

Интервью декана факультета Германа А.Е. корреспонденту "Настаўнiцкай газеты"

 

 

Вучыць студэнтаў, вучыць выкладчыкаў

 

У конкурсе “Лепшы інавацыйны праект і лепшая навукова-тэхнічная распрацоўка года” на Пецярбургскім тэхнічным кірмашы, інавацыйны праект па вытворчасці нанаструктураваных плёнак высакародных металаў для спектраскапіі, распрацаваны дэканам фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэем Германам, быў ўдастоены сярэбранага медаля. Аб гэтай і іншых распрацоўках, бачанні і кірунках развіцця факультэта, супрацоўніцтве з прадпрыемствамі рэгіёна мы гутарым з Андрэем Яўгенавічам.

 

— Андрэй Яўгенавіч, фізіка-тэхнічны факультэт — адзін cа старэйшых у ГрДУ і заўсёды вылучаўся высокімі навуковымі дасягненнямі. Якія напрамкі даследчай работы ў цяперашні час з’яўляюцца прыярытэтнымі?

 

— У першую чаргу гэта напрамкі з высокай выніковасцю, такія як малекулярная спектраскапія і нанафатоніка, лазерная фізіка, а таксама распрацоўка сродкаў аўтаматызацыі і інфармацыйных сістэм.

 

— Распрацоўка нанаструктураваных плёнак — сучасны і вельмі актуальны кірунак даследаванняў. Раскажыце, калі ласка, пра гэты праект.

 

— Адзначу, што распрацоўка з’яўляецца вынікам шматгадовай работы калектыву лабараторыі малекулярнай спектраскапіі і оптыкі нанаструктур кафедры агульнай фізікі нашага факультэта. Сярод даследчыкаў — дацэнты Г.Т.Васілюк і Г.А.Гачко, а таксама прафесары С.А.Маскевіч і Н.Д.Стрэкаль.

У аснове распрацоўкі — створаная намі тэхналогія вытворчасці нанаструктураваных плёнак, якія напыляюцца ў вакууме на адпаведна падрыхтаваную паверхню кварцавай, шкляной або слюдзяной падложкі. Тэхналогія дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхні шляхам змянення параметраў працэсу напылення.

Распрацоўка прызначана для вывучэння фізіка-хімічных уласцівасцей арганічных злучэнняў і іх комплексаў, стварэння сістэм кантролю забруджвання навакольнага асяроддзя, дыягностыкі механізмаў дзеяння лекавых прэпаратаў і мноства даследаванняў у іншых галінах навукі. З дапамогай такіх плёнак можна праводзіць высокаадчувальныя даследаванні звышмалых колькасцей рэчываў метадамі спектраскапіі гіганцкага камбінацыйнага рассейвання святла і ўзмоцненай паверхняй люмінесцэнцыі. Яе можна выкарыстоўваць там, дзе неабходна даследаваць рэчывы ў малых і звышмалых канцэнтрацыях: у датчыках для аналітычных даследаванняў арганічных злучэнняў, пры выяўленні малекул пэўных класаў, аналізе наяўнасці прымешак у вадкай фазе; аналізе прадуктаў хімічных рэакцый, кантролі чысціні рэагентаў; стварэнні сістэм кантролю забруджвання навакольнага асяроддзя; біямедыцынскай дыягностыцы, у вывучэнні структуры комплексаў “лекі — мішэнь”, фармакінетыцы лекавых прэпаратаў; пры вывучэнні фізіка-хімічных уласцівасцей арганічных злучэнняў і іх комплексаў, у тым ліку з біялагічнымі сістэмамі.

 

— Якія яшчэ навуковыя даследаванні для прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна выконвае фізіка-тэхнічны факультэт?

 

— Факультэт прапаноўвае шырокі пералік навукова-тэхнічных паслуг. Сярод іх — экспрэс-вызначэнне зместу хімічных элементаў у прадукцыі і сыравіне; аналіз мікраэлементнага балансу ў арганізме чалавека і жывёл па ўнікальнай сертыфікаванай методыцы; паслугі акрэдытаванай лабараторыі электрафізічных вымярэнняў; даследаванне структуры, фізіка-хімічных, біяхімічных уласцівасцей розных аб’ектаў.

Мы займаемся распрацоўкай і вырабам элементаў сістэм малекулярнай электронікі і нанафатонікі; распрацоўкай і стварэннем лазерных сістэм. Адзін з найбольш запатрабаваных кірункаў — распрацоўка сродкаў аўтаматызацыі прамысловага і тэхналагічнага абсталявання, праграмна-тэхнічных рашэнняў для дыспетчарскага кіравання і маніторынгу, робататэхнічных сістэм.

Некаторыя з нашых паслуг карыстаюцца попытам і ў насельніцтва рэгіёна. Важна, што ў працэсе стварэння і рэалізацыі практычна ўсіх навуковых прадуктаў і паслуг прымаюць удзел студэнты.

 

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб гэтым працэсе. Якая выніковасць работы студэнтаў?

 

— Асноўным прынцыпам падрыхтоўкі спецыяліста на фізіка-тэхнічным факультэце з’яўляецца навучанне на аснове навукі. Ён рэалізоўваецца за кошт цеснай сувязі вучэбнага працэсу з вытворчасцю і навуковымі даследаваннямі, выкананымі ў лабараторыях універсітэта і на прадпрыемствах.

На факультэце дзейнічаюць чатыры студэнцкія навуковыя гурткі, а таксама студэнцкае канструктарскае бюро “Практычная электроніка”. Летась за высокую выніковасць работы бюро атрымала фінансавую падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у памеры 195 млн рублёў.

У нас штогод праводзяцца студэнцкія канферэнцыі і семінары міжнароднага ўзроўню, значная колькасць студэнтаў уцягнута ў выкананне навукова-даследчых работ. Прычым для нашых студэнтаў прадугледжана магчымасць аплаты арганізацыйных выдаткаў на ўдзел у навуковых мерапрыемствах за кошт даходаў факультэта.

Пры ўніверсітэце заснавана прадпрыемства РУП “ВНВЦ “Тэхналаб”, па заданнях якога студэнтамі рэалізоўваюцца запатрабаваныя праекты і дзе яны могуць працаваць. Студэнты ўдзельнічаюць з уласнымі распрацоўкамі ў выставах, кірмашах і атрымліваюць узнагароды. Вынікі іх навуковай работы актыўна публікуюцца.

Праект нашага магістранта Паўла Стахейкі “Мабільнае ўстройства для рэалізацыі электрагідраўлічнага эфекту”, выкананы пад кіраўніцтвам намесніка дэкана Вікенція Таркоўскага, заняў першае месца на гарадскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і быў прадстаўлены ў фінале рэспубліканскага конкурсу. Зацікаўленасць да гэтай распрацоўкі выказалі многія прадпрыемствы. Зараз вядзецца падрыхтоўка ўстройства да вытворчасці.

Члены студэнцкага канструктарскага бюро за апошнія два гады прынялі ўдзел у рэалізацыі навукова-даследчых работ, якія выконваюцца ў рамках дзяржаўных праграм “Электроніка і фатоніка”, “Эталоны і навуковыя прыборы”. Іх распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў васьмі найменнях прадукцыі “Тэхналаба”, а таксама ў экспартным варыянце лабараторнага комплексу, які ў мінулым годзе пастаўляўся ва ўніверсітэт Беластока (Польшча).

Нашы студэнты ўдзельнічаюць у прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі. Выступаючы з дакладамі і дэманструючы ўласныя распрацоўкі на рознага ўзроўню мерапрыемствах, фарміруюць у падрастаючага пакалення цікавасць да навукі.

Штогод мы праводзім для школьнікаў навуковую канферэнцыю “Фізіка вакол нас”, дзе яны прадстаўляюць уласныя даклады і распрацоўкі. Гурткі і студэнцкае канструктарскае бюро адкрыты для вучняў школ, што ўмацоўвае імідж універсітэта ў школьным асяроддзі. Дарэчы, навукова-тэхнічныя распрацоўкі школьнікаў — членаў бюро за апошнія 2 гады занялі 7 першых і 4 другія месцы ў гарадскіх і абласных навуковых конкурсах і канферэнцыях.

 

— Цеснае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна — гэта патрабаванне часу і ў пытаннях падрыхтоўкі практыка-арыентаваных спецыялістаў, якія павінны ўжо з першых дзён работы ўключыцца ў вытворчы працэс…

 

— Фізіка-тэхнічны факультэт імкнецца фарміраваць кампетэнцыі сваіх выпускнікоў на аснове прынцыпаў адкрытага ўзаемадзеяння паміж універсітэтам і прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Адзін з найважнейшых напрамкаў работы — уключэнне прадпрыемстваў у вучэбны працэс і яго праектаванне, стварэнне структур, якія дазваляюць арганізаваць навучанне ў адпаведнасці з патрэбамі работадаўца.

На факультэце працуе каардынацыйны савет, у які ўвайшлі прадстаўнікі прадпрыемстваў, найбольш зацікаўленых у цесным супрацоўніцтве з факультэтам. Па кожнай спецыяльнасці на вядучых прадпрыемствах рэгіёна створаны філіялы кафедраў, праводзяцца вытворчыя практыкі і выязныя заняткі. Выкладчыкі рэгулярна павышаюць кваліфікацыю ў вытворчым асяроддзі, супрацоўнікі і студэнты факультэта прыцягваюцца для вырашэння тэхналагічных задач прадпрыемстваў, у тым ліку падчас вучэбнага працэсу.

Як прыклад адзначу супрацоўніцтва з Гродзенскім цэнтрам метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі — базавай арганізацыяй па спецыяльнасці “Фізіка (вытворчая дзейнасць)”. Дзякуючы адкрытасці кіраўніцтва цэнтра, мы маем выдатную магчымасць праводзіць заняткі на базе прадпрыемства з прыцягненнем высокакваліфікаваных спецыялістаў. Студэнты выконваюць запатрабаваныя курсавыя і дыпломныя праекты па распрацоўцы методык і тэхналогій праверкі абсталявання. Супрацоўнікі цэнтра сумесна з выкладчыкамі і студэнтамі займаюцца канструктарскай, рацыяналізатарскай работай, удзельнічаюць у навуковых канферэнцыях.

Яшчэ адзін прыклад эфектыўнага ўзаемадзеяння — супрацоўніцтва з РУП “Гроднаэнерга”, з якім з 2015 года паспяхова рэалізоўваецца план сумеснай работы па праграме “Падрыхтоўка будучага інжынера-энергетыка”. Ён прадугледжвае правядзенне дзён адкрытых дзвярэй на прадпрыемстве і наведванне аб’ектаў энергасістэмы; удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню энергетыка; правядзенне вядучымі спецыялістамі і кіраўнікамі заняткаў для студэнтаў; правядзенне выязных заняткаў на аб’ектах “Гроднаэнерга”; выяўленне студэнтаў, здольных для будучай працы ў арганізацыі, уключаючы мэтавае псіхалагічнае тэсціраванне спецыялістамі прадпрыемства, а таксама арганізацыю практык. Заняткі на базе вучэбнага цэнтра РУП “Гроднаэнерга” заўсёды выклікаюць вялікую цікавасць студэнтаў, паколькі даюць магчымасць атрымаць рэальны вопыт работы.

Вельмі цікавым і перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва з Лідскім заводам электравырабаў. Акрамя выканання распрацовак па заказах прадпрыемства, мы забяспечваем павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў шляхам іх навучання ў магістратуры. Але самае цікавае — міждысцыплінарныя напрамкі супрацоўніцтва з прыця-гненнем іншых факультэтаў універсітэта. Зараз распачынаем сумесныя праекты, у якіх студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта забяспечваюць тэхнічны складнік распрацовак, студэнты факультэта эканомікі і кіравання — падтрымку эканамічнага складніка і распрацоўку стратэгіі маркетынгу, студэнты факультэта мастацтваў і дызайну працуюць над дызайнам вырабаў і г.д. Так, нядаўна нашы студэнты прадставілі 9 праектаў свяцільняў, распрацаваных у рамках пераддыпломнай практыкі. Яны былі высока ацэнены прадстаўнікамі прадпрыемства і рэкамендаваны для разгляду на тэхнічным савеце прадпрыемства. Перспектыўныя варыянты будуць адабраны для арганізацыі вытворчасці.

 

— Факультэт рыхтуе настаўнікаў фізікі. Якія новыя падыходы прымяняюцца сёння пры іх падрыхтоўцы, як ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з заказчыкам кадраў — школай?

 

— Канцэпцыя шырокага прымянення інфармацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе, сучасныя падыходы да дэманстрацыйнага эксперымента, укараненне лічбавых вучэбных лабараторый і інтэрактыўных метадаў навучання фарміруе ў будучых настаўнікаў неабходныя кампетэнцыі. Многія распрацоўкі студэнтаў педагагічнай спецыяльнасці робяцца для школ і ўкараняюцца ў вучэбны працэс.

Кафедры факультэта, якія выпускаюць будучых настаўнікаў, актыўна ўзаемадзейнічаюць з установамі адукацыі. Мы маем два філіялы ў ліцэях Гродна, на базе якіх праводзяцца заняткі і пастаянныя семінары. Нядаўна аснасцілі адзін з філіялаў сучасным вучэбна-дэманстрацыйным абсталяваннем і вылічальнай тэхнікай. Прадукцыя “Тэхналаба” ёсць практычна ў кожнай школе.

Новыя тэхналогіі правядзення заняткаў, распрацаваныя нашымі навукоўцамі і студэнтамі, заўсёды запатрабаваны. На базе вучэбных лабараторый РУП “ВНВЦ Тэхналаб” рэгулярна праводзяцца заняткі для школьных настаўнікаў, на якіх яны знаёмяцца з найноўшымі педагагічнымі тэхналогіямі.

 

— У сувязі з такой рознабаковай дзейнасцю ці стаіць пытанне аб адкрыцці новых спецыяльнасцей на факультэце?

 

— Развіццё структуры спецыяльнасцей факультэта — наша стратэгічная задача. На аснове маркетынгавых даследаванняў плануем адкрыць дзве новыя спецыяльнасці на першай ступені атрымання вышэйшай адукацыі. Яны дазволяць студэнтам атрымаць паглыбленыя веды ў галіне інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. Таксама факультэт плануе развіваць скарочаную вячэрнюю форму навучання, інтэграваную з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Асобным кірункам работы мы бачым развіццё практыка-арыентаванай магістратуры. Доля ўніверсітэцкага кампанента дысцыплін магістратуры будзе ў максімальнай ступені адпавядаць патрэбам заказчыкаў кадраў і ўводзіцца пры іх актыўным удзеле. Гэта дасць магчымасць рыхтаваць спецыялістаў пад заказ і забяспечваць стабільны набор. У найбліжэйшы час будуць адкрыты як мінімум тры новыя спецыяльнасці практыка-арыентаванай магістратуры, адна з іх — у сеткавай форме арганізацыі навучання сумесна з беларускімі і замежнымі ўніверсітэтамі, дзе навучанне будзе весціся ў тым ліку і на англійскай мове.

Мы стараемся змяніць стэрэатыпы арганізацыі вучэбнага працэсу і бачанне ролі выкладчыка ў ім. Паспяховы спецыяліст, акрамя дысцыплінарных ведаў, павінен валодаць міжасобаснымі кампетэнцыямі, навыкамі творчасці і кіравання. Такімі спецыялістамі павінна стаць новае пакаленне выкладчыкаў. Яны не будуць баяцца магчымых рызык інтэграцыі акадэмічных каштоўнасцей і бізнесу, будуць здольны забяспечыць належны ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў на аснове ўстойлівай, узаемавыгаднай сувязі адукацыі, навукі і прамысловасці. Падрыхтоўка такіх супрацоўнікаў нароўні з падрыхтоўкай студэнтаў і ёсць наша асноўная задача.

 

 

Падрыхтавала НАДЗЕЯ ВАШКЕЛЕВІЧ

Статья в газете "Настаўнiцкая газета"

 

 

 

 

 

 

   


Версия для слабовидящих

СМИ о факультете

 

Научные мероприятия факультета

 

Единый день информирования

Государственная служба занятости

Абитуриентам

 

Сертификат Физика (по направлениям)

 

Сертификат Прикладная физика

Услуги факультета

  

IT-Academy

Скажи экстремизму НЕТ!

 

Осторожно, мошенники!